З серыі "Кіберпрастора". Змешаная тэхніка. 2003-2008. |
Раней таксама былі паездкі за мяжу: у Нідэрландах разам з Валерыем Мартынчыкам Алесь Родзін разгарнуў сваіх фігуратыўных «мастадонтаў» на чатырох паверхах выставачнай залы Вататорэн, у Парыжы нейкі час жыў па запрашэнні інтэрнацыянальнага аб’яднання Rόj у памяшканні старой кандытарскай фабрыкі. Але гэта быў толькі творчы досвед, эмацыянальны ўсплеск, кактэйль падзей, асабістых кантактаў... Берлін жа стаў для Алеся Родзіна душэўным прытулкам. Там ён адчувае сябе зразуметым, бо горад адпавядае ягоным духоўным запатрабаванням.
Берлін з’яўляецца неафіцыйнай сталіцай сучаснага еўрапейскага мастацтва. Менавіта тут сканцэнтравалася неўтаймаваная творчая энергія, якая зацягвае ў свае абсягі майстроў з самымі рознымі эстэтычнымі поглядамі. У гэтым горадзе сёння стала жывуць і працуюць беларускія мастакі Ігар Кашкурэвіч і Алесь Тарановіч. Але са знакамітым цэнтрам Tacheles цесна супрацоўнічае толькі Родзін. І, мабыць, невыпадкова зазначае: «Tacheles — гэта святарная карова ў Еўропе. Tacheles розны, шматаблічны, непрадказальны, яго складана зразумець, але ён падтрымлівае творцаў, наталяе іх». У гэтым шматпавярховым будынку працуе своеасаблівая камуна эксперыментатараў, на адным паверсе прыжыліся творчыя авантурысты з Японіі і Ірана, з Італіі і Беларусі... Тут перамяшаліся заходняя і ўсходняя культуры. Тут у велізарнай — 700 квадратных метраў — выставачнай зале па некалькі месяцаў экспануюцца манументальныя жывапісныя палотны Алеся Родзіна, а сам аўтар штодзень праводзіць майстар-класы для наведвальнікаў — пасярод памяшкання ставіць мальберт і працуе да трох гадзін ночы над чарговым палатном на вачах публікі.
Карані
Гадоў у пятнаццаць Алесь Родзін захапіўся тэлескопамі. Ён паліраваў лінзы, распрацоўваў уласныя канструкцыі стэрэатруб, разлічваў фокусныя адлегласці бінакулярных сістэм. Але вабіла яго не сама оптыка, а тыя эмацыянальныя станы, якія перажываеш, гледзячы на іррацыянальны фантастычны свет начнога неба. Праз шкельцы тэлескопаў дзівосным чынам змяняліся і звыклыя прадметы: яны павялічваліся або памяншаліся, станавіліся стэрэаскапічна аб’ёмнымі, працяглымі, нібы прапушчанымі праз прасторавыя рашоткі. З аптычнымі прыборамі Алесь Родзін эксперыментаваў і пазней, ужо ў інстытуце, каб зразумець таямніцы колера- і формастварэння... Усё гэта дало штуршок для напісання першых гіперрэалістычных сюжэтаў будучага.
Карціны Алеся Родзіна доўгі час успрымаліся ў Беларусі неадназначна, здаваліся празмерна складанымі, недарэчнымі. На палотнах прысутнічалі фігуры, намаляваныя даволі пазнавальна і рэалістычна. Аднак многіх здзіўлялі непрапарцыянальна выцягнутыя часткі целаў, велізарныя, на ўсё палатно, далоні і вочы, якія ператваралі карціны ў страшнаватыя галюцынацыі. Родзін смела ўмешваўся ў асновы матэрыі, раскладаючы яе на часткі, вылучаючы яе механічныя стварэнні і біялагічныя рытмы. Першая персанальная выстава, якая адбылася ў 1988 годзе ў Мінску, сталася «прэм’ерным паказам» такіх работ, як «Дынамічная раўнавага», «Меліяратыўны экстаз», «Блок № 6»... Вось як успамінае пра гэта сам мастак: «Работы відавочна напалохалі супрацоўнікаў галерэі, і праз тыдзень уваход у залу быў загароджаны рашоткай: быццам бы і не знялі працы, але пабачыць іх стала немагчыма». Наўрад ці гледачы, якія не ведалі, што такое амерыканскі абстрактны экспрэсіянізм і канцэптуальны праект, маглі б прыхільна ўспрыняць нязвыклыя мастацкія пошукі маладога жывапісца. Яшчэ студэнтам аддзялення дызайну, а пазней жывапісу тэатральна-мастацкага інстытута, Родзін спрабаваў пераадольваць бар’еры рэалістычнага адлюстравання рэчаіснасці. Яго цікавілі фармальная кампазіцыя, творчыя пошукі Шагала, Кандзінскага... Тагачасны даволі жорсткі кансерватызм мастацкага асяроддзя, у якім яму давялося працаваць, навучыў выжываць у экстрэмальных умовах, захоўваць уласнае ўнутранае светаадчуванне. Але ў той жа час падштурхнуў да «андэграўндных шуканняў першай хвалі», так назвалі пазней мастацтвазнаўцы субкультуру, якая склалася ў нашай краіне ў 1970-х гадах. У той час з’явіліся першыя філасофскія кампазіцыі Алеся Родзіна «Ноч неспазнаных сутнасцей», «ХХ стагоддзе», «Мегаполіс». Мастак згадвае, што свой дух ён «выстройваў» па вертыкалі і гарызанталі, і такі крыж надаваў спакойную сузіральнасць і забяспечваў прыток жыватворнай энергіі. Але гэта была толькі вонкавая талерантнасць. Насамрэч пры медытатыўнай заспакоенасці творца спрабаваў зразумець унутраную будову рэчаў праз колеравыя і лінейныя вібрацыі на палатне.
Ён знайшоў для гэтага свой уласны адметны метад. Мастацтвазнаўца Яўген Шунейка вызначыў яго як «нон-стоп-панарама» па назве адной з тагачасных буйных карцін, дзе жывапісная кампазіцыя будавалася на разнапланавым адлюстраванні бязмежнай прасторы, у якой адначасова адбываліся працэсы урбаністычныя, геалагічныя, тэхналагічныя, біялагічныя і г. д. Каб звесці іх у адзіную вобразную сістэму, мастак абіраў высокі, панарамны пункт гледзішча і выкарыстоўваў амаль манахромныя колеры ў рознай танальнасці. Родзін адважыўся нават на свой футуралагічны прагноз, стварыўшы жывапісны міраж пад назваю «ХХІ стагоддзе» задоўга да надыходу новага веку.
Тысячагадовая міфалогія
Для Алеся Родзіна працэс напісання карціны — доўгі і марудны. Над адным палатном ён можа працаваць цягам некалькіх гадоў. Аднак гэта не перашкаджае яго работам заставацца актуальнымі і праз дзесяцігоддзі пасля стварэння, бо яны ўвасабляюць аўтарскую занепакоенасць падзеямі і праблемамі сучаснасці. Яго карціны перадаюць адчуванне глабальных катаклізмаў у сусвеце, іх маштабнае ўсведамленне самім аўтарам. «Чалавецтва жыве прадчуваннем непазбежных глыбокіх пераўтварэнняў. З маніякальнай упартасцю яно імкнецца да раскрыцця сусветных таямніц і псіхалагічных забабонаў. І хто ведае, як стрымаць тых, хто нібыта ідзе наперад?.. Вобразныя сродкі, пластычныя структуры, фармальныя каляровыя рытмы бадай што бездапаможныя перад раз’юшаным прагрэсам. Мастацтва ж — толькі водгулле гэтай нястрымнай навалы». Так вызначае сваё разуменне творчасці Алесь Родзін.
У 1990-х гадах мастак піша дыптых «Апакаліпсіс» і завяршае цыклы «Сіндром Адраджэння» і «Тысячагадовая міфалогія», у якіх выяўляе агрэсію і гармонію грамадства, што вызначаюць гістарычныя шляхі другой паловы ХХ стагоддзя. Вобразны свет яго карцін на першы погляд здаецца хаатычным з-за бясконцай колькасці дробных ліній і кропак, якія ствараюць няўлоўную рухомую канструкцыю. Такая жывапісная структура заварожвае дынамічнасцю і напружаннем. У завіхрэннях ліній хаваюцца складаныя сінтэтычныя вобразы, шматфігурныя кампазіцыі, урбаністычныя пейзажы. Прастора палатна страчвае плоскаснасць, успрымаецца аб’ёмнай, нібы праз ніткі тканіны прарастаюць вузлаватыя карані дрэў. Вялікая колькасць мікраскапічных дэталей прымушае пільна разглядваць работы, стварае таямніцу пранікнення ў сутнасць задуманага.
Пастскрыптум: ХХІ стагоддзе
З серыі "Кіберпрастора". Змешаная тэхніка. 2003-2008. |
Для Алеся Родзіна галоўнай крыніцай візуальнага ўражання з’яўляецца лінія. Гэта хуткі і дакладны сродак выяўлення: лінія рассякае знешні свет, вызначае контуры формы і ў той жа час аналізуе яе знутры. Аднак тут творчая эвалюцыя мастака вельмі заўважная. Калі ў ранніх работах ёсць постаці людзей, у больш позніх выяўляюцца суб’ектыўныя імпульсы, спалучаюцца рацыянальныя і іррацыянальныя пачаткі, алегорыі, парадоксы, сутыкаюцца паняцці класічнага і хаатычнага. Работы Родзіна трывожаць нас моцай фантазіі, дзёрзкімі стылістычнымі спалучэннямі, шматковай фактурай, якую трэба «чытаць», іначай кажучы, дакументальна тлумачыць сюжэт, бо мастак паказвае не столькі формы, якія ёсць у прыродзе, колькі метады, якімі яна «дзейнічае».
Змяняецца і агульная танальнасць работ. Замест жоўта-карычневага і чорна-шэрага «космасу» родзінскіх абстракцый і пейзажаў з’явілася прасветленасць, свежасць колеравай гамы. Нельга сказаць, што з-за гэтага карціны Алеся Родзіна сталі больш канцэптуальна завостранымі, аднак з часам пазіцыя аўтара акрэслілася выразней. Агульная сюжэтная накіраванасць засталася нязменнай, але з’явіўся новы для родзінскіх палотнаў персаніфікаваны вобраз творцы, які мастакоўскімі прыладамі прэпарыруе ўласныя думкі і спадзяванні, раскладвае на асобныя часткі навакольнае асяроддзе, шукае перасячэнні кругоў, квадратаў і спіраляў мікра- і макрасусветаў.
Даўно і стала займаецца Алесь Родзін перформансамі. Ён і тут не столькі паказвае дзеянне, колькі сузірае самога сябе. Аднак сам візуальны шэраг аздоблены шматзначнымі дэталямі. Іх звычайна даволі многа, што нагадвае аб прыхільнасці мастака да манументальных жывапісных мазаік, сэнс якіх ніколі не прачытваеш адразу. Яго перформансы працяглыя па часе, яны расчароўваюць тых гледачоў, якія чакаюць ад аўтара экспрэсіі. Прыклад — знакаміты перформанс «Повязь», які Алесь Родзін прадставіў разам з Васілём Васільевым на першым фестывалі «Навінкі» (1999). Некалькі гадзін гледачы назіралі за нерухомымі постацямі, і гэта трэба было ўспрымаць як своеасаблівае тэатральнае відовішча.
Пейзажы — яшчэ адна старонка творчасці Алеся Родзіна. Напісаныя, як у пуантылізме, дробнымі кропкамі, балансуючыя ў раўнавазе паміж абстракцыяй і рэалізмам, усе яны маюць алегарычную форму і прысвечаны радзіме. «РодинА» — невыпадковая гульня літарамі. Прыглядзеўшыся да ландшафтаў яго дзікай прыроды, пазнаеш відарысы Лошыцкага парку. А вось гарадская натура Алеся Родзіна звычайна класічная. Ён малюе Парыж. Але не той, які мы ведаем па глянцавых альбомных старонках. Ён увасабляе ўласны горад, які ўзнікае на фоне бясконцых мастоў. Гэта дзівосна гарманічныя работы. З парыжскімі мастамі ў Родзіна склаліся асаблівыя адносіны, з якіх вынікаюць і адпаведныя асацыяцыі. Спакойны шэры колер надае ім рамантычны і ціхамірны настрой. Але гэта — першае ўражанне: пры бліжэйшым разглядзе заспакоенасць ператвараецца ў хаос мегаполіса. Расстаўляючы акцэнты, удасканальваючы мову мастацкіх экзістэнцый, аўтар раскрывае перад гледачом складаны космас асабістага светаадчування. Той самы, які мы сузіраем у абстрактных палотнах мастака ўжо ў чыстым выглядзе.
Наталля ШАРАНГОВІЧ